Bartimeyse
…лучше без точно сформулированной цели двигаться вперёд, чем без цели стоять на месте, и уж наверняка гораздо лучше, чем без цели пятиться…
Калі я пішу вялізныя водгукі, амаль ніхто мяне не чытае. Толькі напішаш некалькі строчак — статыстыка паказвае поўнасцю зваротную сітуацыю. Вывад: ці кароткасць аповеда павінна пераважаць над яго таленавітасцю, ці толькі некаторыя тэмы допісаў цікавыя пэўным чытачам. Я, на жаль, часам бываю рэалістычны, і таму сумна...
Колькі слоў пра «Сабаку» я ўжо казаў, але ж храналогію пажадана захоўваць. Таму сёння пра «Кругі раю», якія я наведаў у аўторак, а водгук на «Сабаку» — вечарам пятніцы.

-----

Гэтым аўторкам я зноў завітаў у РТБД. Спектакль «Кругі раю» (а мне вось цікава, нашто з назвы прыбралі словы "Янка Купала"? няўжо гэтыя словы моцна ўплываюць на выбар спектаклю і гэта нейкая спроба завабіць гледачоў?) Даводзілася шмат добрага чуць пра яго.

Змест пастаноўкі, думаю, відавочны: жыццёвы шлях паэта; таму гэтая пытанне пакінем па-за ўвагай і адразу пяройдзем да непасрэдна ўражанняў.
Спектакль пазіцыянуецца як "дакументальная алегорыя". Для мяне гэта нашло адлюстраванне не толькі ў біяграфічнасці пастаноўкі, а яшчэ ў... "сухасці" мовы. Мне ўвесь час не хапала нейкай сакавітасці, характэрнай беларускай мове; дыялогі ж былі надта сквапныя на простую мову, гэтак звыклую да слыху: мова мне нагадвала гаворку паміж незнаёмымі людзьмі, якія вельмі старанна падбіраюць словы. А пры гэтым дзеянне адбываецца ў розным асяроддзі. Мажліва, гэта і дробязь, а вось неяк непрыемна...
Гэта адносіцца і да сцэн допытаў у ГПУ (выкарыстаю гэтае скарачэнне). На шчасце, прысутнічаць не даводзілася :) але ж адсутнасць значнага ўціску на допытах не робіць уражання таго, што магло б давесці да спробы самазабойства. Аднак жа ўсё суб'ектыўна.
Уладзе ў спектаклі адведзена значнае месца. Вонкава ветлівая, яна ўсё ж паказвае сапраўднае аблічча, крывава ўсміхаючыся. Крыху своеасаблівая вобразы ў выніку атрымаліся.
Сцэны з паэмы Купалы «Бандароўна» вельмі арганічна ўплецены ў спектакль, што не толькі дадае відовішчнасці спектаклю, але і дазваляе правесці паралелі паміж падзеямі ў жыцці Купалы і лёсам Бандароўны. А вось Мікіта Зносак месцамі выглядаў крыху недарэчна.
Па акцёрах. Добра ўсе гралі. Дзяніс Паршын у ролі Купалы... мне крыху на хапіла развіцця героя падчас спектаклю. Пачынаючы са сцэны са жняёй ён неяк замыкаецца. Зразумела, унутранае змаганне і разважанні, але ж... Не ведаю, ці то гэткая режысура, ці такі вобраз... Мае апладысменты Анастасіі Бабровай. Ключавая сцэна спектакля са жняёй, ды досыць складаная з пункту гледжання выканання. Але ўсё шыкоўна, і ёй нельга не спачуваць. Вераніка Буслаева добрая і як жонка Купалы, і як Бандароўна. Але я ўжо нават спачуваю ёй: што ні спектакль, а ўсё носяць яе па сцэне і носяць... :D Вельмі цікавы дуэт атрымаўся ў Максіма Паніматчанка з Сяргеям Шымко. Быццам бы інтэлігентны герой Паніматчанка міжволі параўноваецца з адкрытай варожасцю другога.

І вось, напісаўшы невядома нашто гэты безліч слоў, я не магу сказаць, што мне не спадабалася. Але і каб кранула... таксама. Спектакль добры, з цудоўнай сцэнаграфіяй ды касцюмамі і малюнкам дзеяння ўвогуле. Але нечага няўлоўнага мне не хапіла. Магчыма, пэўную ролю тут адыграла і хвароба, якая без запрашэння завітала да мяне і неяк замінала ўспрымаць усё.
На спектакль я вярнуся абавязкова; не праз месяц, зраузмела, але вярнуся абавязкова. У першую чаргу, каб канчаткова разабрацца на цвярозую галаву ў сваіх уражаннях і спектаклі, але і каб атрымаць асалоду ад спектакля і зноў паглядзець на гульню акцёраў — таксама.

Ну а зал на «Кругах раю» — гэта асобнае, сумнае пытанне. Бо тое, што я раней лічыў пустым ці паўпустым залам у РТБД, нішто ў параўнанні з колькасцю гледачоў на гэтым спектаклі.

@темы: мысли вслух, мнение, беларускае, РТБД, театр