Bartimeyse
…лучше без точно сформулированной цели двигаться вперёд, чем без цели стоять на месте, и уж наверняка гораздо лучше, чем без цели пятиться…


О, край родны, край прыгожы!
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей у свеце божым
Гэтых светлых берагоў,
Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,
Дзе бары-лясы гудуць,
Дзе мядамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць?

Гэй, адвечныя курганы,
Сведкі прошласці глухой!
Кім вы тут панасыпаны?
Чыёй воляю-рукой?
Вы пуцінаю няроўнай
Бежыце ўдалечыню,
У бок Віліі чароўнай
І пад светлую Дзвіну.

Родны край! у Божа імя,
У чэсць косцелаў і царквоў
Паміж дзеткамі тваімі
Многа легла камянёў;
Многа выйшла трасяніны —
Меч, агонь знішчалі край:
З двух бакоў «айцы» дубінай
Заганялі нас у рай!

Кроў лілася ручаямі,
Здрада чорная расла,
Што папамі і ксяндзамі
Ў сэрцы кінута была.
I цяпер над намі, брацце,
Яшчэ ў сіле той раздор —
I папоўскае закляцце,
I ксяндзоўскі нагавор.

Брацце, мае беларусы!
У той кнізе людскіх спраў
Сам Бог, мусіць, для спакусы
Гэты край нам адзначаў.
Тут схадзіліся плямёны
Спрэчкі сілаю канчаць,
Каб багата адароны
Мілы край наш зваяваць.

Каб у віры той ашукі
Знішчыць нашы ўсе сляды,
Каб не ведалі і ўнукі,
Хто такія іх дзяды.

Эх, чаго нам не прыйшлося,
Брацце мілыя, ужыць!
Колькі талентаў звялося,
Колькі іх і дзе ляжыць
Невядомых, непрызнаных,
Не аплаканых нікім,
Толькі ў полі адспяваных
Ветру посвістам пустым!

Дык хіба ж мы праў не маем,
Сілы шлях свой адзначаць
I сваім уласным краем
Край свой родны называць?

@темы: записи, театр, беларускае, Сымон-музыка, БТ-3, Купалаўскі